АЛЬМАНЫ
Балоты пад пагрозаю. Спецпраект "Белсату"

Альманскія балоты ўваходзяць у найбуйнейшы ў Еўропе трансмежны леса-балотны комплекс. Унікальны ландшафт стаў домам для шэрагу рэдкіх у Еўропе відаў птушак і звяроў. Нягледзячы на міжнароднае значэнне балотаў, мясцовыя ўлады паступова руйнуюць іх. Belsat.eu пабываў у таямнічым месцы разам з даследнікамі ваўкоў і тлумачыць непаўторнасць прыроды і культуры рэгіёну.



Альманскія краявіды







Больш за чатыры гадзіны дабіраліся мы да вёскі Букча – самага сэрца беларускага Палесся, дзе асталявалася група навукоўцаў.



Біёлагі і ваўказнаўцы ўжо тыдзень вышуквалі ў Альманскіх балотах скрытнага драпежніка. Воўк доўга абыходзіў пасткі, за тыдзень у капканы трапілася толькі адна асобіна, і спецыялісты з кожным днём гублялі настрой. Яны панура вячэралі, калі мы зайшлі ў дом.


– Як там нашая Малая пажывае? – пытае з канапы Максім, адзіны валанцёр у камандзе.

– Выдатна, амаль 30 кіламетраў прайшла, – падымае задуменныя вочы ад камп'ютара біёлаг Мікалай.

На маніторы – маршрут ваўчыцы. Пакуль імя зверу яшчэ не далі, навукоўцы паміж сабой называюць ваўчыцу Малою, з гледзішча на яе ўзрост і памер.




Пад'ём а 06:30. Хуткае снеданне, збор ежы ў дарогу. Спецыялісты разбіваюцца на тры экіпажы і едуць правяраць больш за два дзясяткі капканаў. На досвітку варта быць на месцы першай пасткі. Разам з працаўніком ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Мікалаем Чэркасам выязджаем з цёмнай вёскі і накіроўваемся ў лес. Пасткі стаяць на тэрыторыі заказнікаў «Альманскія балоты» і «Стары Жадзен».


Каманда з чатырох чалавек жыве ў простай хаце
Гэтая тэрыторыя мае вялікае значэнне для ўсёй еўрапейскай прыроды. Альманскія балоты – частка найбуйнейшага трансмежнага леса-балотнага комплексу, які захаваўся ў блізкім да натуральнага стане. Як кажуць навукоўцы, гэта своеасаблівая мазаіка з верхавых, нізінных і пераходных балотаў, і аналагаў такому ландшафту ў Еўропе няма. Каб захаваць унікальнасць месца, працаўнікі Акадэміі навук нават прапаноўвалі надаць Альманам статус біясфернага запаведніку, то бок тэрыторыі, дзе забароненая гаспадарчая дзейнасць і абмежаваная наведвальнасць людзей. Але пакуль у Беларусі толькі два запаведнікі: Бярэзінскі біясферны і Палескі радыяцыйна-экалагічны.


Флору і фаўну Альманаў можна апісваць бясконца: гэта і рэдкія для нашай краіны рысі, і мядзянкі, і балотныя чарапахі.
Асаблівую ролю балоты граюць для захавання вялікіх арляцоў– буйных драпежных птушак сямейства шуляковых, якіх прызналі глабальна ўразлівым відам. 15 % еўрапейскай папуляцыі гэтага драпежніка гняздуюцца ў нашай краіне і пераважна на палескіх балотах. Суседні заказнік «Стары Жадзен», які атрымаў статус асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі толькі ў 2015 г., таксама вылучаецца відавою разнастайнасцю. Тут жывуць рукакрылыя з Чырвонай кнігі: паўночны кажанок і начніца Бранта. А тры гады таму навукоўцы знайшлі тут гіганцкую вячэрніцу – кажана, якога не бачылі ў Беларусі з 1930 года!


Каб адчуць мясцовы каларыт, цягам усяго тэксту вы будзеце сустракаць сапраўднага палешука, дзеда Івана, які патлумачыць некаторыя з'явы і працэсы. Мы пазнаёміліся з Іванам Рыгоравічам невыпадкова: у Букчы яго ўсе ведаюць як спадчыннага бортніка. 83-гадовы Іван Гайкевіч адпрацаваў усё жыццё кіроўцам. Ён застаў яшчэ такое балота, з якога на машыне немагчыма было выехаць.
«З кожным годам усё становіцца клімат сушэ і сушэ. Цяпер сушына вездзе куда ні едзь, болота не болота, рэкі паўсыхалі», – уздыхае дзед Іван.
Альманскія краявіды
«Лес – гэта ж не горад, тут усё відаць», – вядзе нас па лясной сцежцы Мікалай, які ўжо 26 гадоў жыве ў глыбіні Белавежскай пушчы.

Навуковец вучыць нас адрозніваць сляды ваўка, сабакі і касулі.



Пасткі для звяроў схаваныя вельмі добра, нават з блізкай адлегласці цяжка іх знайсці. Навукоўцы паклапаціліся пра тое, каб нічога ваўку не падавалася дзіўным. Яны старанна замаскавалі капкан пад галлём і падклалі адмысловую прынаду. Біёлагі выкарыстоўваюць пасткі, якія наносяць мінімальную шкоду жывёле...


Не паспяваем скончыць агляд нашых капканаў, як раздаецца званок. У другога экіпажу ў пастку трапіўся воўк.


– Па кабылах! – радасна крычыць нам Мікалай, і мы куляй імчымся на першае ў жыцці спатканне з дзікім ваўком. Надзвычай важна як мага хутчэй прыехаць да месца, каб воўк прабыў у пастцы мінімальную колькасць часу.



Ехаць па лясных дарогах у Альманах – гэта своеасаблівае задавальненне: адчуванне быццам на чоўне падчас марскога шторму. Звілістыя сцежкі з мноствам куп'я ды галінак не даюць расслабіцца нашаму кіроўцу.


«Ускіпіць твая хата разам з сенцамі!» – увесь час выгуквае ён.
Пад'язджаем да месца, дзе нас ужо чакаюць біёлаг Настасся Кузмянкова і валанцёр Максім. Менавіта ім шчасціць на ваўкоў: другі драпежнік трапіўся на іхным участку. Пакуль адмыслоўцы рыхтуюць усе неабходныя матэрыялы, мы з заміраннем сэрца здалёк назіраем за шэрым.


«Дарослы самец, яму недзе 3–4 гады», – кажа вядомы ў краіне даследнік ваўкоў Дзмітрый Шамовіч, нацягваючы пальчаткі.


Ён разам з калегамі бярэ неабходныя прылады і ідзе надзяваць на ваўка ашыйнік. Дзякуючы такому аброжку тэрыёлагі вывучаюць драпежніка. GPS-ашыйнік прысылае яго каардынаты, а навукоўцы потым будуць хадзіць па слядах ваўка. Такім чынам працаўнікі высвятляюць, чым звер харчаваўся і як бавіў час. Праз 9 месяцаў ашыйнік аўтаматычна адваліцца. Дарэчы, сачыць за ваўкамі можна на сайце vouk.by.


Пасля ўсіх неабходных працэдураў мы адыходзім падалей ад звера і назіраем. Ён падымаецца і хуценька збягае ў супрацьлеглы ад нас бок.


Альманскія краявіды

У вёсцы біёлагаў ужо ўсе ведаюць. Букча месціцца ў памежнай зоне, таму новыя людзі ў населеным пункце ў цэнтры ўвагі.



– Ну што, замерзлі, хлопцы-дзяўчаты, па лясах бегаць? – смяюцца вясковыя кабеты, пабачыўшы даследнікаў. – Ці паймалі вы тых ваўкоў ці не?
– Дваіх спаймалі, – расказвае Настасся Кузмянкова.
– То ж гэтых ваўкоў мінулай зімой столькі было, ходзяць тут і ходзяць, ажно за сабак нашых страшна.
– Дык а вы не прывязвайце сабак. Разумееце, вы калі прывязваеце іх на ланцуг, вы аддаяце на верную смерць сваіх сабак, – праводзіць асветніцкую працу з насельніцтвам біёлаг.





Вяскоўцы не адразу скемілі, што спецыялісты не забіваюць ваўкоў, а ловяць іх і адпускаюць. Затое цяпер у Букчы ледзь не кожны вясковец ведае пра ролю ваўка ў экасістэме.



Каманда біёлагаў


Праверыўшы ўсе капканы, навукоўцы пры патрэбе дастаўляюць новыя. Часам трапляюцца ў капканы іншыя звяры: рысь, янотападобны сабака або заяц. Тады навукоўцы адразу ж выпускаюць іх на волю.




Бліжэй да абеду мы сканчаем агляд усіх пастак і едзем любавацца хараством балотаў. З асфальтаванай шашы з'язджаем на новую, яшчэ не да канца дабудаваную дарогу. Справа тут горы пяску і ездзяць поўныя самазвалы.




Праязджаем далей: леснікі паляць галлё і пянькі дрэваў. Гэтак яны змагаюцца з караедам.




«Во зараз як дарогу пракладуць, дык і ніякай ужо прыроды не застанецца», – па-простаму каментуюць мясцовыя мужчыны будоўлю побач.


Схема дарог
Схема дарог
Схема дарог
Схема дарог
Летась ахоўнікі прыроды пачалі біць трывогу: на Альманскіх балотах будуюць дарогу. Эколагі сцвярджаюць, што будоўля можа нашкодзіць прынамсі пяці рэдкім біятопам і чатыром відам раслінаў і звяроў пад аховаю. На месцы, дзе будзе праходзіць дарога, любяць харчавацца чырванакніжныя птушкі: шэры журавель, арол-вужаед, чорны бусел і глабальна ўразлівы від – вялікі арлец.


Грамадскія слуханні ў межах абмеркавання ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (гэта дакумент, больш вядомы паводле расейскай абрэвіятуры ОВОС, абавязковы пры планавай гаспадарчай і іншай дзейнасці, якая можа нашкодзіць навакольнаму асяроддзю) праводзіліся яшчэ ў 2012, 2014 і 2016 гг. Але эколагі і зацікаўленая грамадскасць прапусцілі слуханні. Таму ацэнку зацвердзілі, і неўзабаве будоўля пачалася.


Цяпер лясная група грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» звяртае ўвагу на парушэнні заканадаўства пры будаўніцтве дарогі. Гэтак, адмыслоўцы знайшлі незаконныя кар'еры, адкуль будаўнікі бяруць пясок. У абласным камітэце прыродных рэсурсаў паведамілі, што крымінальную справу па факце несанкцыянаванай распрацоўкі кар'ераў завялі яшчэ ў 2017 г. Акрамя таго, паводле палажэння аб заказніку, у ім забароненая дзейнасць, якая можа змяніць натуральны ландшафт ды існы гідралагічны рэжым (за выключэннем выпадкаў, калі такая дзейнасць прапісаная ў плане кіравання заказнікам). Паводле эколагаў, дарога, безумоўна, змяняе і ландшафт, і гідралагічны рэжым. Пры гэтым у плане кіравання заказнікам няма згадак пра яе будаванне, таму гэта ёсць наўпроставым парушэннем палажэння аб заказніку.


Сумна глядзім мы на балота, у якое скідваюць горы пяску. На новай дарозе сустракаем толькі ліхія самазвалы з пяском.

«Шкада, што балота загіне, – уздыхае за стырном Мікалай, – бо з аднаго боку, гэтая дарога будзе падсушваць, а з другога – падтопліваць».





Зусім інакш ставяцца да дарогі збіральнікі журавінаў. Альманы – вядомая скарбніца гэтых ягадаў.

«Хорошо зараз будзе, а то не было дорогі, то і плохо было дабірацца клюкву сабіраць. А сейчас ужо дорогу сдзелалі, то будзем туда дальшэ ў балота клюкву браць», – кажа нам спадар Уладзімір, якога мы сустрэлі на дарозе. Ён разам з мехам ягадаў чакае на лясной сцежцы іншых збіральнікаў. Іх сюды зранку прывозіць мікрааўтобус з Лельчыцаў (гэта амаль за 60 км), а забірае з першымі прыцемкамі. Сёння мужчына сабраў мала, 4 кг, і дадае, што звычайна ў яго 17–20 кг на дзень выходзіць.



«Сезон начынаецца ў верасні, то мы і ездзім сюды, бо ў нас балот нету. А еслі есць, то там за недзелю выбраць усё можна. А тут жа ой якія большыя балоты», – паказвае Уладзімір.
«Я еслі б 50 лет тому назад, набраў бы 500 кг. Ужэ не работаюць так рукі. А вось маладыя дзяўчаты па 20–25 кг у дзень набіраюць», – расказвае нам Іван Рыгоравіч.
Мясцовыя жыхары здаюць журавіны за 4–5 руб. за кілаграм, для вяскоўцаў гэта вельмі істотны заробак. Але і журавіны цяпер не такія, як раней.

Наш стары знаёмы, дзед Іван, сёлета сабраў 100 кг.



Мы з заплечнікамі заглыбляемся ў журавінавыя мясціны. На шляху нам трапляюцца вельмі дзіўныя рэчы: там-сям на дрэвах сустракаецца то бляшанка, то бутэлька, то кавалак тканіны.

«Так збіральнікі ягадаў пазначаюць дарогу, каб не заблукаць»,– тлумачыць нам Настасся Кузмянкова.



Па знаках мы трапляем на лагер, дзе відавочна яшчэ зусім нядаўна жылі людзі: матрац акуратна завернуты і схаваны пад цэлафан, на стале стаіць недаедзены адкрыты салат, а ў пакеце на дрэве вісіць сырая бульба.

«Гэта ўкраінцы прыходзяць збіраць ягады і грыбы, жывуць у такіх лагерах некалькі дзён і пакідаюць за сабой смецце», – тлумачаць нам мясцовыя. Гэтак жа кажуць і ў Рубрынскім лясніцтве Мілашавіцкага лясгасу.

На тэрыторыі суседняга Палескага лясгасу для ўкраінцаў дзее спрошчаны сезонны пропуск для збору ягадаў і грыбоў. Жыхары памежных украінскіх вёсак могуць карыстацца такім пропускам двойчы на год: з 1 ліпеня да 10 жніўня і з 1 верасня да 15 лістапада. Паводле інфармацыі Памежнага камітэту, улетку мяжу паводле гэтай сістэмы перасякалі больш за 7500 разоў. Каб скарыстацца пропускам, украінцам неабходна заплаціць 10 базавых велічынь (255 руб.) за наведванне рэспубліканскага заказніку «Альманскія балоты».



Уключыце два відэа адначасова:
Пакуль рыхтаваўся наш гэты матэрыял, працаўнікі Рубрынскага лясніцтва паспелі прыбраць гэты лагер.

ЛЕДЗЬ НЕ КОЖНЫ МУЖЧЫНА Ў БУКЧЫ – БОРТНІК. ТУТ ЛЯСНОЕ ПЧАЛЯРСТВА – ПАПУЛЯРНЫ ЗАНЯТАК, ЯКІ ПЕРАДАЕЦЦА З ПАКАЛЕННЯ Ў ПАКАЛЕННЕ.

Але нягледзячы на гэта, вяскоўцы сціпла аднекваюцца.
«Ды які ж я бортнік? Так, пару разоў на год залажу, чышчу і мёд забіраю. Так, трошачкі, толькі для сябе», – кажа Леанід Сушчык. Ад дзеда яму засталіся ажно 15 борцяў, яшчэ дзве борці ён паставіў самастойна. Але прызнаецца, што правярае не ўсе і не кожны год.
Як зрабіцца бортнікам. Інструкцыя для пачаткоўцаў:
  1. Знайсці сасну і з дапамогаю пешні вырабіць з яе калоду (борць).
  2. Набыць штучную вашчыну.
  3. Апырскаць калоду адмысловаю прынадаю, каб прывабіць пчолаў (часта для гэтага выкарыстоўваецца багун балотны).
  4. Павесіць калоду ў лесе (месца абіраецца ў залежнасці ад колькасці квітнеючых раслінаў).
  5. Вывучыць Бортны статут і даць прысягу бортніка (на жаданне):
Я (уласнае імя), уваходаў бортных (назва мясцовасці ці рэгіёну), астравоў (назва лесу, пушчы і г. д.), прысягаю Статуту бортнаму і кажу, што маю цвёрды намер прытрымлівацца бортных традыцыяў і найлепшых практык, развіваць іх. Прысягаю, што не буду ўводзіць навіну і парушаць старыну бортнага промыслу, традыцыяў і звычаяў.

Я, бортнік (імя), буду даглядаць і ахоўваць пчолаў, дрэва, у якім яны жывуць, і лес (пушчу), у якой яны лётаюць, працаваць на ўзбагачэнне мясцовай прыроды. А праз тры гады атрымаю пасаду Белага бортніка (што ахоўвае і клапоціцца пра сваю бортную пушчу і бор).

А калі я, бортнік (імя), парушу сваю прысягу, то не карыстацца мне Статутам бортным і ад таго быць адлучаным ад бортных традыцыяў і пазбавіцца пасады Белага бортніка.

6.Чысціць час ад часу калоду і ахоўваць ад шкоднікаў (дзятлаў, куніц ды людзей, якія захацелі скрасці ваш мёд).

«Ужо с начала апрэля, значыць, прыходзім і смотрым: лецяць. Еслі воны там работаюць, то хай работаюць. Колі не – то мы там чысцім, гніллё выкідаем».

Самы вядомы бортнік у вёсцы – наш дзед Іван. Ён з радасцю вядзе нас на задні двор паказваць свае калоды. Зблізку яны выглядаюць як вялікія сасновыя пні, абабітыя бляхаю. Гэта абарона вулляў ад жаўны і куніцы. Іван Рыгоравіч мае каля 50 борцяў у лесе, яшчэ некалькі стаяць каля хаты. Звычайна сезон пачынаецца напрыканцы красавіка і цягнецца да кастрычніка.

Дзед Іван з гонарам частуе нас сваім мёдам і дадае, што лясны мёд самы смачны. У гэтым ён перакананы з маленства: дзяды Івана таксама былі бортнікамі. Калоды яны выраблялі наўпрост сякерамі, бо пілы яшчэ не было. А з дапамогай «жэні», скураной вяроўкі з драўлянаю сядушкаю, лазілі наверх забіраць мёд. Цяпер з лёгкасцю можна выкарыстоўваць драбіны, а вось продкі дзеда Івана ставілі борці на вышыню ажно 25 метраў.
З гадамі змяніўся не толькі набор неабходных бортніцкіх прыладаў, але і прыродныя ўмовы:
«Воды нет, нет цветов... Прырода, клімат, сейчас сільно стало засуха. Іюнь, іюль, аўгуст – жара, а апрэль, май – холодно. А яны ў маі ўжэ должны работаць, а ў нас у маі холода. А еслі сільная засуха, 28–30 градусаў, то пчолы не работаюць, воны сядзяць і не работаюць».
Сёлета яму не вельмі пашчасціла з мёдам: не болей за 10 кг з калоды за сезон. А былі часы, калі і 20 кг з кожнай атрымлівалася назбіраць.


Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, адлоўлены пры нас воўк прайшоў ужо дзясяткі кіламетраў па балотах, паспеў пахарчавацца ласём, але не паспеў яшчэ завесці сям'ю.
Альманскія краявіды
«Воўк збярогся там, дзе збераглася дзікая прырода», – кажа нам на развітанне Мікалай. Сваёй мэтай спецыяліст лічыць захаванне прыроды Палесся для наступных пакаленняў.
На жаль, пакуль гэта даволі складаная задача.


Дзякуем за дапамогу ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Дзякуем за дапамогу ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Дзякуем за дапамогу ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Дзякуем за дапамогу ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Дзякуем за дапамогу ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Made on
Tilda